АМПЛІТУ́ДНЫ АНАЛІЗА́ТАР, аналізатар імпульсаў,

прыстасаванне для вызначэння закону размеркавання амплітуд эл. імпульсаў. У залежнасці ад канструкцыі бываюць адна- і многаканальныя, з электронным камутатарам, з папярэднім пераўтварэннем амплітуд сігналаў і інш. З дапамогай амплітуднага аналізатара аналізуецца размеркаванне амплітуд выпадковага імпульснага працэсу па колькасці імпульсаў, што выявіліся ў зададзеным інтэрвале амплітуд. У аснову амплітуднага аналізатара пакладзены схемы амплітудных дыскрымінатараў імпульсаў. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, радыёлакацыі, радыёсувязі і інш.

Блок-схема аднаканальнага амплітуднага аналізатара: 1 — уваход; 2 — дыскрымінатар верхняга ўзроўню; 3 — дыскрымінатар ніжняга ўзроўню; 4 — схема антысупадзенняў; 5 — рэгістратар.

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)